Міжнародны пленэр па скульптуры з каменю «Каменная казка», які ў гэтыя дні праходзіць у Магілёве, перасягнуў свой экватар. Творы з граніту шасці скульптараў магілёўцы змогуць па годнасці ацаніць літаральна праз 2 тыдні. Пакуль жа творчы працэс у самім разгары.
Ераванец Саркіз Бабаян месца для свайго твора ўжо падабраў. Гэта сквер каля Акадэміі музыкі. Сваёй працы вышынёю пад два метры ён даў даволі рамантычную назву «Кахае — не кахае». У скульптуры абавязкова будзе прысутнічаць рамонак. Працаваць з беларускім гранітам складана, прызнаўся скульптар з Арменіі. Даволі цвёрды. Але, як гаворыцца, вада пад ляжачы камень не цячэ. Галоўнае — ўкласці сваю душу ў працу, каб яна потым радавала вока гараджан.
А вось Сяргей Карацуба прыехаў на пленэр «Каменная казка» з Бранска, пабраціма Магілёва. У нашым горадзе ён упершыню, але тут яму ўсё па нораве. Апроч архітэктуры абласнога цэнтра скульптару ў асаблівасці прыглянуліся беларускія жанчыны. Знаходзячыся пад вялікім уражаннем ад іх прыгажосці, у Сяргея Карацубы і нарадзілася ідэя каменнай скульптуры пад назваю «Беларуская мадона». У асяроддзі касмічных зорак маладая маці трымае на руках маленькага дзіцяці і далікатна яму нешта гаворыць, падзяліўся скульптар. Выставіць сваю беларускую мадону Сяргей Карацуба мяркуе ў скверы
Магіляўчанін Андрэй Вараб’ёў усё яшчэ ў разважаннях пра месца для свайго твора. Удзельнічае ён у пленэры «Каменная казка» ужо ў трэці раз. Дзве папярэднія яго працы размешчаныя побач з кінатэатрам «Радзіма» і універмагам «Кастрычніцкі». Дарэчы, помнік агурку ў Шклове, гімнастка каля Палаца гімнастыкі ў Магілёве, студэнт са студэнткай у Горках, а яшчэ — каменная скульптура «Ружа вятроў» на вакзале ў Люксембургу — гэта таксама скульптурныя работы Андрэя Вараб’ёва. Цяперашні свой твор з граніту, які ён назваў «Камень пацалункаў», магілёўскі скульптар прысвячае ўсім закаханым парам. І абяцае, што пацалункі на гэтым камяні будуць асабліва салодкімі. Пленэр — гэта заўсёды адзіны арганізм, лічыць Андрэй Вараб’ёў. «Нягледзячы на тое, што ўсе мы з розных рэгіёнаў, але думаем на адной творчай хвалі, з самай першай хвіліны знаёмства», — падкрэсліў ён.
Працуюць скульптары над гранітнымі грудамі з самай раніцы і да вечара, без выхадных. А як жа, трэба паспець завяршыць свае тварэнні да тэрміна. Літаральна праз два тыдні, а гэта 3 жніўня, перад нашымі вачыма паўстануць велічныя скульптуры з каменя, якія затым упрыгожаць вуліцы і скверы Магілёва. Чакаць засталося крыху.