Адкрыццё «Восеньскай выставы» абдылося ў выставачнай зале музея гісторыі Магілёва 4 верасня. Каля 60 карцін і некалькі десяткаў скульптур прадставілі ўвазе магілёўцаў 22 аўтара. Як адзначыў дырэктар установы культуры Аляксей Бацюкоў, у экспазіцыі ўдзельнічаюць творцы нашага рэгіёна, якія з’яўляюцца сябрамі Саюза мастакоў Беларусі. «Калі мы аднавілі працу выставачнай залы, аднавілі і выставу „Восеньскія ілюзіі“, — кажа суразмоўца. — Яна паказала, наколькі мерапрыемства цікавіць і ўдзельнікаў, і наведвальнікаў. Мы зразумелі, што трэба зрабіць яе пастаяннай, і заклалі сёння пэўную традыцыю».
Прынцыпу адбору палотнаў для выставы няма, падкрэсліў Аляксей Бацюкоў. Гэтую «місію» паклалі на плечы саміх творцаў. Яны прынеслі работы, якія хацелі паказаць. Большасць аўтараў, практычна ўсе, прадставілі свае новыя карціны. Ведаючы, што работа залы будзе пастаяннай, мастакі матывавалісь на наступную творчасць.
«Мне самому вельмі падабаюцца карціны Уладзіміра Каралькова — „Кампазіцыя“ і „Восеньскі пейзаж“, — працягвае Аляксей Мікалаевіч. — Мне да душы яго тэхніка, бачанне свету, стыль. Гэта штосьці інтымнае, што я не магу патлумачыць разумна».
Мастак Мікалай Ліхаленка, магілёвец, прадставіў на «Восеньскай выставе» тры акварэлі. «Мне хацелась сказаць нешта пранікнённае пра восень і пра вёску, — кажа ён. — Для мяне яны цесна звязаны. Я сам родам з вёскі, і гэта тэма мне ляжыць да душы. Працую з ёй усё жыццё. Лірык па натуры, я шукаю прыгожае ў прыродзе, якая вельмі многае можа даць чалавеку, які яе разумее, любіць».
А вось мастачка Леніна Сівакова звярнула ўвагу на тое, што прадстаўленыя ў зале карціны напісалі аўтары, якія добра ведаюць адзін аднаго. «Я нават магу не глядзець на подпіс — лёгка назаву мастака па манеры пісьма, — усміхаецца яна. — У Магілёве даўно не было падобнай выставы, творцы працуюць па майстэрням. Для мастака экспазіцыя — сапраўднае свята, як для артыста канцэрт. Мне цікава і іншых паглядзець, і сябе паказаць. Многія растуць у творчасці. Можна казаць, што „Восеньская выстава“ — гэта наша справаздача за пэўны прамежак часу».
Вельмі спадабалась мерапрыемства вучаніцы мастацкай школы № 1 Анастасіі, якая прыйшла сюды чаму-небудзь навучыцца ў знакамітых майстроў. «Больш за іншыя працы мяне прывабілі абстракцыі, — адзначае дзяўчына. — Яны нават натхнілі мяне на творчасць, вельмі захацелася ўзяць у рукі пэндзаль.»
Магіляўчанка Маргарыта ў сваю чаргу захапілася малюнкамі, зробленымі алоўкамі. «Яны вельмі нежныя, пры ўсёй сваёй не „абмалёванасці“ — вельмі дакладныя, — разважае наведвальніца. — Таксама з незвычайнага — я ніколі не бачыла, каб палатно пад рамкай спецыяльна парвалі. Гэта быццам імгненне, вырванае з жыцця. Увогуле выстава мяне парадавала — разнастайнасць жанраў, тэм, відаў мастацтва. Есць мікразоны, каб госці лепей арыентаваліся. З мінусаў — я не знайшла цэннікаў на экспанатах, хоць агаворана, што працы будуць прадаваць».
У першапачатковым выгладзе выстава будзе дзейнічаць да 29 верасня. Затым карціны і скульптуры пачнуць прадаваць, а экспазіцыю — папаўняць новымі творамі. Дамаўляцца аб пакупцы трэба непасрэдна з аўтарамі. Усе кантакты можна запытаць у працаўнікоў залы. У перспектыве пад час працы экспазіцыі адбудуцца сустрэчы мастакоў са школьнікамі, будуць праходзіць своеасаблівыя майстар-класы.
Білет для дарослых каштуе 5 тыс. рублёў, для дзяцей, школьнікаў і навучэнцаў — 2,5. Выставачная зала працуе з 11:00 да 19:00. Панядзелак, аўторак — выхадныя дні.
Любоў Салаўёва
Фота Анжалікі Васілеўскай, MyCity.by