Больш за 40 студэнтаў і выкладчыкаў МДУ імя А. А. Куляшова прынялі ўдзел у флэшмобе, прысвечаным Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства адбылося 14 мая ў зале чакання Магілёўскага чыгуначнага вакзала.
А палове дванаццатай гадзіны каля галоўнага ўваходу ў залу чакання пачалі збірацца прадстаўнікі нашага ўніверсітэта. Супрацоўнікі аддзела выхаваўчай працы з моладдзю раздавалі мінакам улёткі з тэкстам Дзяржаўнага гімна. Тым часам у будынку вакзала ўжо чакалі студэнты факультэта пачатковай і музычнай адукацыі. Разам з кіраўніком, старшым выкладчыкам кафедры музычнага выхавання і харэаграфіі Марынай Уладзіміраўнай Атаян, яны рыхтаваліся да выканання гімна а капэла. У 12:00 неспадзявана ў цэнтр залы чакання выйшлі студэнты і пачалі спяваць. Потым да іх далучыліся выкладчыкі, супрацоўнікі аддзела выхаваўчай працы, некаторыя з падарожных. «У сённяшнім флэшмобе прынялі ўдзел студэнты ўсіх факультэтаў МДУ імя А. А. Куляшова, — распавядае начальнік аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Людміла Набокава. — Канешне, асноўная мэта флэшмоба — выхаванне патрыятызму, грамадзянскасці, папулярызацыя слоў і музыкі дзяржаўнага гімну. Чаму менавіта чыгуначны вакзал? Гэта рашэнне студэнтаў... Яны сыходзілі з таго, што вакзал — гэта месца сустрэчы людзей. І ў такі святочны дзень сустракаць адзін аднаго лепей за ўсё словамі з дзяржаўнага гімну». «Я лічу сябе патрыётам Беларусі, таму, канешне, не мог не прыйсці на гэта мерапрыемства, — адзначае студэнт 1 курса факультэта матэматыкі і прыродазнаўства Сяргей Птушкін. — Лічу, што дзяржаўныя гімн і сцяг павінны быць не толькі прадметам для ўшанавання і павагі, але і грамадзянскага гонару».