Генеральны дырэктар магілёўскага ААТ «Магатэкс» Віктар Маціевіч - пра тое, што агульнага паміж музыкай і камеры чым
карысная канкурэнцыя і як прывабіць замежны бізнес.
Але цалкам пераарыентоўвацца на іншыя рынкі з Расіі і краін СНД мы не збіраемся. Калі вызваляеш адну нішу, яе адразу ж зойме нехта іншы.
- Сёння «Магатэкс» лічыцца адным з паспяховых прадпрыемстваў у краіне, але так было не заўсёды. Вы прыйшлі сюды асэнсавана або пад уплывам абставін?
- Я прыйшоў сюды ў 1984 годзе па размеркаванні пасля Магілёўскага машынабудаўнічага інстытута, а генеральным дырэктарам стаў у 2002 годзе. Калі глядзеў савецкія фільмы пра тое, як майстар на заводзе вырастае да дырэктара, мне здавалася, што гэта не пра мяне. І бачыце, як памыліўся. Але ў маім выпадку працэс паскорыў развал Саюза. У 1988 годзе прадпрыемства выпускала амаль 10 мільёнаў метраў тканіны за месяц, а ў 92-м -мільён дзвесце. Не стала дзяржзаказаў -і аб’ёмы імгненна ўпалі. Трэба было як мага хутчэй шукаць свае нішы. Пачалі стварацца маркетынг, камерцыйныя службы. Я працаваў намеснікам начальніка аддзела па маркетынгу і адчуваў сябе на сваім месцы. Аб прадукцыі ведаў усё, мне вельмі падабалася, калі мог кагосьці пераканаць.
У тых яшчэ новых для нас камерцыйных умовах мне вельмі дапамагло захапленне… спортам і музыкай. Спорт, якім я займаўся 8 гадоў, дазваляе развіваць характар і дасягаць мэты. Музыка -наогул маё другое «я», разам з сябрамі па інстытуце стаяў каля вытокаў магілёўскага дыскатэчнага руху. Дарэчы, мы пэўны час выступалі ў папулярных кавярнях горада, а на прадпрыемстве пасля інстытута я не толькі працаваў майстрам, але і вёў дыскатэкі. У мяне быў добра падвешаны язык, я не баяўся сцэны, людзей, зносін. Мне падабалася ўнікаць у тонкасці маёй справы, адчуваць сябе прафесіяналам. Памятаю, як да нас прыехалі прадстаўнікі адной кампаніі і сталі распавядаць пра тэхнічныя тканіны. І вельмі здзівіліся, калі я ім выдаў яшчэ больш інфармацыі.
У нас пыталіся: «Як, вы яшчэ існуяце?»
Калі Віктару Маціевічу прапанавалі ўзначаліць прадпрыемства, ён працаваў ужо намеснікам дырэктара па камерцыі.
- Становішча «Магатэкса» было складаным, - успамінае ён гэты цяжкі перыяд. - Ледзь-ледзь хапала на заробак, астатняе незразумела як закрывалася. Трэба было нешта мяняць. На пасаду генеральнага дырэктара прапаноўвалася некалькі кандыдатур, але ў выніку спыніліся на маёй. Калі праходзіў узгадненне ў аблвыканкаме, вытрымаў сапраўдны экзамен на адпаведнасць. Першыя месяцы работы былі самымі напружанымі, трэба было стварыць каманду, вызначыцца, што рабіць, для каго і куды. Першыя паўтара года раней 10 вечара праца для мяне не заканчвалася. Вельмі складаны быў перыяд, калі пачаў паступаць танны тэкстыль з Кітая. Некаторыя нашы партнёры нават здзіўляліся, што мы ўсё яшчэ існавалі. Нам прапаноўвалі знізіць кошт, каб перабіць кітайскую экспансію. Але я прытрымліваўся таго, што трэба рабіць акцэнт не на кошце, а на новых відах тканіны і аздабленняў. Як паказаў час, рашэнне не было памылковым. Нядаўна былі на выставе НАТА ў Празе «Салдат будучыні» і ўпэўніліся, што можам рабіць не горш за астатніх. Сёння мы ідзем нага ў нагу з сусветнымі тэндэнцыямі.
- Як атрымліваецца заставацца на плаву ў складаных эканамічных абставінах?
- Каб не адстаць, трэба мець сучасныя тэхналогіі, абсталяванне. А яшчэ адсочваць, куды рухаецца рынак, што яму патрэбна. Зрабілі антыбактэрыяльную апрацоўку і хуценька яе прапанавалі, распрацавалі мембранную тканіну -і адразу ж паказалі спажыўцу. Нельга расцягваць гэты працэс на гады. Канкурэнцыя вельмі сур’ёзная. Цяпер наладжваем кантакты з Чылі, шыем для іх 12 касцюмаў, спадзяёмся на пэўны вынік.
Трэба ўвесь час рухацца наперад, спрабаваць нейкія новыя формы. Вось, напрыклад, мы невыпадкова падтрымліваем такі фэст, як «Бард-рыбалка». Гэтае мерапрыемства прыцягвае людзей. І вельмі важна, каб назва прадпрыемства асацыявалася з прыродай, з калектыўным духам, з прыстойнасцю. Часам выпадковыя рэчы могуць адыграць вялікую ролю. Аднойчы, калі працаваў у забеспячэнні, я безвынікова спрабаваў дамовіцца з адным маскоўскім прадпрыемствам. Калі дзяўчына на другім канцы проваду мне зноў прапанавала патэлефанаваць пасля выхадных, я са злосці кінуў ёй: «Добрага вам уік-энда». І раптам чую пытанне: «А вы што, вывучаеце англійскую?» Слова за слова -і праз некалькі хвілін мы размаўлялі ўжо як сапраўдныя сябры. Скончылася тым, што справа вырашылася ў той жа дзень.
Пра Дзярждуму і адказнасці за ўчынкі
- Вы любіце цытаваць вядомых людзей. Гэта добрая памяць ці вам падабаецца пускаць пыл у вочы?
- Калі адчуваю, што гэтыя думкі супадаюць з маімі, цытую. Усё атрымліваецца само сабой, пад уздзеяннем нейкіх абставін. Зусім не для таго, каб камусьці паказацца вельмі разумным. Памятаю выпадак, калі мы з партнёрам з Сербіі размаўлялі, і мне пасля кожнай яго гісторыі ўзгадваўся нейкі анекдот. Нам было па-сапраўднаму весела.
- А было такое, што вам прапаноўвалі кінуць усё і добра ўладкавацца за мяжой?
- У Расіі разы чатыры. Але, магчыма, яшчэ не знайшлося чагосьці па-сапраўднаму цікавага для мяне (усміхаецца). А калі сур’ёзна, мне падабаецца тое, чым я займаюся. Мы ўвесь час нешта ствараем, рухаемся наперад. Дарэчы, «Магатэксу» я аддаў 30 гадоў свайго жыцця.
Працаваць кіраўніком складана, але тут ёсць свае перавагі. Нягледзячы на ўсе праблемы, гэта магчымасць рабіць тое, што ты лічыш патрэбным, адчуваць сябе гаспадаром у добрым сэнсе гэтага слова. Памятаю, на выставе ў Расійскай Дзярждуме ў мяне спытаўся кіраўнік адной фракцыі: «Гэта праўда, што прэзідэнт падпісвае вам камандзіроўку?» Пытанне прагучала на поўным сур’ёзе. Я задаў яму сустрэчнае: «А вы ведаеце, колькі прыкладна дырэктараў у Беларусі?» Чалавек не разумеў, што дзяржава не да такой ступені ўмешваецца ў справы. Так, яна дыктуе нейкія рамкі, але, калі працаваць, а не адседжвацца, праблем не ўзнікне.
- А як вы сабе ўяўляеце сумеснае прадпрыемства? На якіх умовах пагадзіліся б на такі крок?
- Калі кажуць: дайце нам прадукцыю, а мы праз некалькі месяцаў нешта вам вернем, гэта не справа. Калі жадаеце супрацоўнічаць, павінны рызыкаваць сваімі грашыма з намі нароўні. Але яшчэ хапае такіх, якія імкнуцца зарабляць на халяву. Аднойчы ў Германіі нам прапанавалі адкрыць офіс і прасілі на гэта 10 тысяч долараў. Калі я пацікавіўся, якая ад гэтага карысць прадпрыемству, нам паабяцалі шукаць спажыўцоў… па інтэрнэце. Але гэта можна рабіць і з Магілёва.
- Чаму ў роўных эканамічных умовах не ва ўсіх атрымліваецца працаваць аднолькава паспяхова?
- Калі б кожны на сваім працоўным месцы працаваў, як для сябе, мы б квітнелі. Трэба даражыць тым, што табе даверылі. Калі я стаў кіраўніком, быў цяжкі перыяд. Мне казалі, што тэкстылю ў Беларусі не быць, трэба хутчэй прадаваць завод і займацца нечым іншым. Але я жыву ў гэтым горадзе, ведаю гэтае прадпрыемства і людзей, што на ім працуюць, і сумленне не дазваляе мне рабіць сваю справу дрэнна. У першую чаргу я працую для сябе. І іншым тлумачу: «Калі вы прыходзіце на работу, вы для сябе стараецеся. Гэта трэба вам, а не майстру, начальніку ці дырэктару». А яшчэ павінна быць адчуванне адказнасці за людзей і рашэнні, якія прымаюцца. Вы ж не станеце набываць для сябе тую ж пральную машыну, якая не працуе. Але сёння хапае прыкладаў, калі на прадпрыемстве купілі абсталяванне -і не запусцілі. Як жа так? Яго ж нехта выбіраў. Нельга так ставіцца да таго, што нам асабіста не належыць. Гэта ўсё роўна што ўкрасці грошы ў настаўніцы, салдата ці дзіцяці з інтэрната.
Нэлі Зігуля, "Звязда"