>Выстава «Беларусь у Першай сусветнай вайне» адкрываецца ў Магілёўскім музеі этнаграфіі. Яна будзе экспанавацца з 17 красавіка па 5 ліпеня, паведамілі ў установе культуры.
Па словах суразмоўцаў, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь аб’яднаў у межах аднаго выставачнага праекта экспанаты з уласнага збору, спецыялізаванай пошукавай роты Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Раманава, а таксама прыватных калекцый.
«Драматычная гісторыя Беларусі непарыўна звязана з самымі вядомымі і кровапралітнымі войнамі, якія вяліся на тэрыторыі Еўропы, — адзначылі ў музеі. — Вайна 1914 — 1918 гг. — гэта гуманітарная катастрофа пачатку ХХ ст., якая закранула ўвесь свет. Усяго ў вайне ўдзельнічала 38 краін усіх кантынентаў з насельніцтвам больш за 1,5 млрд. чалавек».
Выстава «Беларусь у Першай сусветнай вайне» пазнаёміць наведвальнікаў з жыццём даваеннай Беларусі, ваеннымі дзеяннямі, якія праходзілі на тэрыторыі краіны, бежанствам, франтавым побытам, завяршальным этапам вайны. Асобны раздзел выставы прысвечаны ўшанаванню памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. Прадстаўлены прадметы салдацкага побыту, узоры абмундзіравання, прадметы медыцынскага прызначэння, фотаздымкі і дакументы, экспанаты, знойдзеныя археолагамі на месцах баявых дзеянняў.
«Беларусь у Першай сусветнай вайне» — доўгатэрміновы праект Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. З мінулага года ён экспанаваўся ў Мінску, Гродна, Гомелі, Смаргоні.