Персанальная выстава мастака Мікалая Ліханенкі працуе ў Магілёве. Усяго ў экспазіцыі ў абласным мастацкім музеі імя Масленікава прадстаўлена каля 70 работ. Частка з іх створана падчас штогадовага міжнароднага пленэра па жывапісе «Вобраз радзімы ў выяўленчым мастацтве».
Экспазіцыя «Родная зямля» — гэта своеасаблівы паклон магілёўскага жывапісца вёсцы. У асноўным гэта нацюрморты і пейзажы куткоў прыроды роднага для майстра Крычаўскага краю. Частка работ прысвечана краявідам і архітэктуры Цвярской вобласці Расіі, дзе мастак працаваў на міжнародным пленэры.
Сам майстар пейзажу і нацюрморта прызнае, што лепшыя яго творы — пра родны край. Асабліва тыя, у якіх адлюстравана міжсезонне — ранняя вясна, позняя восень. Дзяцінства Мікалая Ліханенкі прайшло ў пасляваенныя гады ў вёсцы Цінькова Крычаўскага раёна. Глыбокі след у душы будучага мастака пакінулі ўспаміны дзяцінства — родная прырода, бабуля, якая ткала прыгожыя посцілкі і вышывала карункавыя ручнікі. Жаданне быць мастаком прыйшло да яго менавіта ў гэты час, сцвярджае Мікалай Ліханенка.
«Мастак бачыць цудоўнае ў простых матывах і рэчах і менавіта ў гэтым асаблівасць яго творчасці. Ён шмат вандраваў па свеце і з кожнай паездкі прывозіў вялікую колькасць накідаў, эцюдаў, якія дапрацоўваў у майстэрні. Ад твораў Мікалая Ліханенкі зыходзіць не толькі святло, але і сардэчны гук, пранікнёны і чулы — мелодыя лірычных напеваў хараства і прыгажосці пейзажаў», — адзначае намесніца дырэктара мастацкага музея імя Масленікава Святлана Строгіна.
Творы Мікалая Ліханенкі захоўваюцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Масленікава, Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея, Бялыніцкага мастацкага музея, у фондзе Міністэрства культуры Расіі і Беларусі, а таксама ў прыватных калекцыях.
Выстава «Родная зямля» будзе працаваць у мастацкім музеі да 6 мая.
«Радио «Могилев»