Сяргей Іваноў: «Задача дэпутата — арганізаваць»

Гэты год для магілёўскіх дэпутатаў асаблівы. Менавіта на яго прыпадаюць дзве знамянальныя даты — 750-годдзе Магілёва і 100-годдзе з дня стварэння гарадскога Савета дэпутатаў. Народныя абраннікі абяцаюць напоўніць будучую рэчаіснасць годнымі справамі. А сёння ёсць нагода прыгадаць, чым запомніўся мінулы год, які таксама быў багаты на падзеі. Увод у строй Пушкінскага моста, рэканструкцыя Мінскай шашы, актыўны ўдзел у форуме Магілёўскай і Бранскай абласцей у Магілёве і шмат чаго іншага. Ніводная значная падзея ў горадзе не абыходзілася без дэпутатаў гарсавета. Але былі ў іх рабоце і будзённыя моманты, якіх хапае ў кожнага, каму прыходзіцца займацца грамадскай справай. У размове са старшынёй гарсавета Сяргеем Івановым мы зрабілі акцэнт менавіта на гэта. І пачалі, вядома ж, з самага балючага пытання — скаргаў.

Некаторыя думаюць, што дэпутатам плацяць

У руках старшыні стос афіцыйных папер — рэгістрацыйна-кантрольныя карткі, куды ўпісваюцца даныя, а потым і накладаецца рэзалюцыя — каму і ў які тэрмін выканаць. Непасрэдна да старшыні гарсавета падчас прамых ліній і асабістых прыёмаў на працягу года паступіла 211 зваротаў.

— Гэта крыху болей, чым раней, але і ў нас стала больш формаў і метадаў вырашэння праблем. Да таго ж раней не існавала суботніх «прамых ліній». Ні адзін зварот — ні пісьмовы, ні вусны — не застаецца без разгляду. Ёсць, праўда, пытанні доўгатэрміновыя. Вось патэлефанаваў нам грамадзянін, які жыве на апошнім паверсе, паскардзіўся, што пасля дажджоў залівае яго кватэру. Правялі абследаванне — сапраўды цячэ. Наогул рамонт даху — гэта планавыя работы, якія патрабуюць вялікіх фінансавых укладанняў. Але, калі сітуацыя аварыйная, робіцца рамонт толькі ў месцы пашкоджання. Мы адсочваем гэты працэс, пакуль ён не завершыцца. Або вось пішуць: паміж вуліцамі Кедравай і Курака нездавальняючы стан дарогі. Асабіста выязджаў, сустракаўся з заяўнікамі, кантраляваў. Атрымаў цэлых пяць справаздач ад дарожна-маставога прадпрыемства. Калі былі адпіскі, я гэта падкрэсліваў і адпраўляў зноў — прасіў прыняць меры. Нарэшце работы па прафіліроўцы праезнай часткі вуліцы Кедравай з выкарыстаннем новага матэрыялу былі выкананы і пытанне знята з кантролю. Але людзі не заўсёды разумеюць, у чым заключаецца наша работа. Калі пытанне доўга не вырашаецца або вырашаецца не так, як таго хацелася б некаторым, сыплюцца папрокі: «І за што вам толькі грошы плацяць?» Прыходзіцца тлумачыць, што з усяго дэпутацкага корпуса, а ў нас 37 дэпутатаў, толькі старшыня працуе на платнай аснове, астатнія на грамадскіх пачатках. Ніякіх грошай, ільгот і прэферэнцый яны за сваю дзейнасць не атрымліваюць.

Каб прадпрыемства не дакацілася да банкруцтва

— Ёсць у нас такая форма дзейнасці, як работа дэпутацкіх маніторынгавых груп, — кажа Сяргей Іваноў. — У іх уваходзяць старшыня гарсавета, намеснікі старшыні гарвыканкама, адказныя за прамысловую сферу, кіраўнікі ўпраўленняў і службаў гарвыканкама і найбольш аўтарытэтныя дэпутаты з вялікім досведам гаспадарчай дзейнасці. Сумесна з упраўленнем эканомікі гарвыканкама вызначаем найбольш праблемныя ў плане эканомікі прадпрыемствы і наведваем іх. Цікавімся, якія вынікі гаспадарчай дзейнасці, ці выплачваюцца падаткі, заробак і гэтак далей. Асноўная мэта маніторынгавай групы — не пакараць, а сумесна з кіраўніцтвам прадпрыемства зрабіць грунтоўны аналіз, разабрацца, у чым прычыны невыканання планавых заданняў, нізкай рэнтабельнасці, стратнасці. Усе выезды афармляюцца пратаколамі: хто выязджаў, якія пытанні вырашылі. На «Вяснянцы», напрыклад, даручылі дырэктару падрыхтаваць і прадставіць ва ўпраўленне эканомікі гарвыканкама пакрокавы план мерапрыемстваў па загрузцы вытворчых магутнасцяў па кожным структурным падраздзяленні прадпрыемства. На «Строммашыне» — гэта прадпрыемства, якое знаходзіцца на кантролі Прэзідэнта — таксама праблем яшчэ хапае, але сур'ёзныя зрухі да паляпшэння ўжо ёсць. У прыватнасці, паступілі заказы на вытворчасць аснасткі для здабычы калійных угнаенняў. Выязджалі на «Магілёўдрэў», там таксама нядрэнныя перспектывы пасля змены кіраўніцтва. Наведвалі вагонабудаўнічы завод, Казіміраўскі эксперыментальны завод, «Магатэкс». Апошняе прадпрыемства працуе не дрэнна, але 2015 год скончыла з адмоўным фінансавым вынікам. Зараз там знайшлі шляхі выхаду і працуюць стабільна.

Яны ж не нашы «клоны»

У кастрычніку ў Магілёве выбралі маладзёжны парламент другога склікання. Кандыдаты, выбарчая камісія на чале са старшынёй гарсавета дэпутатаў, выбаршчыкі — усё было, як таго патрабуе выбарчае заканадаўства. Удзельнічала 75 устаноў адукацыі, было вылучана 219 кандыдатаў, выбрана 70 членаў маладзёжнага парламента. Яшчэ 5 уключаны пасродкам кааптацыі — дадатковага папаўнення складу выбарнага органа новымі членамі без звароту да выбаршчыкаў.

— Дэпутаты першага склікання ад моладзі былі першапраходцамі, у іх вочы гарэлі. Мы дапамагалі ім, але не навязвалі нейкія ідэі і ўстаноўкі. Заарганізаваць можна любое добрае пачынанне. Абмяжоўваліся падказкамі, парадамі, але моладзь у асноўным сама вызначала кірункі дзейнасці. Яны не нашы «клоны», у іх больш самастойнасці, іх нельга заганяць у нейкія рамкі. Паўнамоцтвы маладзёжнага парламенту зводзяцца да магчымасці неяк праявіць сябе. Па сутнасці, гэта дапамагае сфарміраваць пачуццё адказнасці за сваю радзіму, месца, дзе ты жывеш. Вось, напрыклад, моладзь жадае, каб было больш забаўляльных цэнтраў. Але, калі дэпутат маладзёжнага парламента паслухае, якія праблемы ёсць у горадзе у галіне адукацыі, медыцыны, будаўніцтва і гэтак далей, ён па-іншаму будзе расстаўляць прыярытэты.

Галоўнае прызначэнне старшага па доме

Штогод дэпутаты падводзяць вынікі на лепшы двор і пад'езд. Сёлета дыпломы пераможцаў і грашовыя прэміі атрымаюць старшыя па дамах Ларыса Агірчук і Тамара Валькоўская, якія сумеснымі намаганнямі зрабілі ўзорнай дваровую тэрыторыю дамоў №5 па бульвары Непакораных і дома №44 па вуліцы Гагарына. Другое месца ў Алены Асмалоўскай, старшай па пад'ездзе №3 дома 18а па вуліцы Прафсаюзнай, і трэцяе — у Таццяны Мілаванавай, старшай па пад'ездзе №1 дома 52 па праспекце Шміта.

— Як бы добра нашы камунальнікі ні працавалі, зрабіць усё ўзорна практычна немагчыма, — кажа Сяргей Іваноў. — Тут вялікі ўпор робім на саветы мікразон і органы мясцовага самакіравання — дамавыя і вулічныя камітэты, старшых па дамах, пад'ездах. Камісія аб'язджае ўсе адрасы і вызначаецца з лепшым вулічкамам, мікразонай, дамавым камітэтам і гэтак далей. Прызначэнне людзей, якія ўваходзяць у органы грамадскага самакіравання, мы бачым у тым, каб яны на сваёй тэрыторыі рашалі вось гэтыя мясцовыя праблемы. Галоўнае — арганізаваць народ. Але бывае, што старшыня вулічкама або дамкама бачыць галоўнае прызначэнне ў тым, каб прыйсці ў адміністрацыю, ЖЭУ, гарвыканкам і на павышаных танах патрабаваць рашыць якую-небудзь праблему. Але гэта не ёсць рашэнне праблемы. Фінансавыя магчымасці горада не бязмежныя, а ў існуючых умовах — наогул мізэрныя. Для таго, каб камусьці даць, у кагосьці трэба забраць. І тут шмат што залежыць ад нашых актывістаў. Што яны могуць зрабіць разам са сваімі жыхарамі? І ёсць людзі, якія добра гэта робяць. У нас кожны дэпутат уваходзіць у савет мікразоны, а 4 нават узначальваюць іх. У склад мікразоны ўключаны таксама начальнік тэрытарыяльнага ЖЭУ або яго намеснік. Калі працуе такая звязка, вельмі шмат чаго можна зрабіць з прыцягненнем сродкаў прадпрыемстваў, арганізацый, прадпрымальнікаў, якія дзейнічаюць на гэтай тэрыторыі. Вось дэпутаты Ігар Шапнеўскі і Віктар Нікіцін зрабілі такім чынам дзіцячае збудаванне ў раёне дома №39 па Пушкінскім праспекце. Яно невялікае, але ёмістае і ўтульнае. Галоўнае было знайсці грошы, арганізаваць працэс. І такія прыклады не адзінкавыя.

Сайт Могилевского облисполкома