Дзе ў ХХI стагоддзі пабачыць рыцараў і вікінгаў

Дзе ў ХХI стагоддзі пабачыць рыцараў і вікінгаўКалісьці Беларусь называлі «краінай замкаў» - тут іх было больш за сто. На жаль, да нашага часу дайшлі адзінкі. Ад многіх засталіся адны руіны. Аднак рамантыка тых часоў з каралеўскімі балямі, рыцарамі і іх дамамі сэрца, здаецца, і зараз вітае ў паветры. Асабліва гэта адчуваецца падчас рыцарскіх фестываляў, якія ладзяць ля тых самых руін або ў іншых знакавых месцах апантаныя роднай гісторыяй і традыцыямі продкаў беларусы. Гэтыя фестывалі быццам падарожжа ў мінулае або віртуальны свет папулярных камп’ютарных гульняў накшталт Knights of the Temple ці Medieval.

Наш Грунвальд

22-23 ліпеня, комплекс «Дудуткі» (Пухавіцкі раён, Мінская вобласць)

У музеі старажытных народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі» ёсць што паглядзець у любы дзень. Тут вас і каваць навучаць, і хлебам па старажытным рэцэпце пачастуюць, і каларытны сувенір прапануюць. А падчас міжнароднага фестывалю сярэдневяковай культуры і музыкі «Наш Грунвальд» заняткаў у наведвальнікаў прыбаўляецца. Цэнтральная падзея фэсту — рэканструкцыя бітвы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года каля прускага мястэчка Грунвальд паміж войскамі Тэўтонскага ордэна і войскамі саюзнікаў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Відовішча вельмі ўражальнае.

Арганізатары сёлетняга фестывалю абяцаюць і іншыя «рыцарскія» бітвы — бугурты, турніры лучнікаў і алебардыстаў і гэтак далей. Кожны жадаючы зможа навучыцца страляць з лука, прымерыць даспехі, паўдзельнічаць у старадаўніх гульнях і майстар-класах па розных рамёствах і танцах на анімацыйных пляцоўках. Акрамя таго, на свяце выступяць фолк-рок-калектывы з Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы.

Рыцарскі фэст. Мсціслаў

4-6 жніўня, (Мсціслаў, Магілёўская вобласць)

Звычайна Замкавая гара ў Мсціславе пустуе. Але раз у год яна напаўняецца такім незвычайным для сучасных людзей жыццём, што здаецца, быццам зараз зусім не XXI стагоддзе, а XII ці XIII. Аглушальны грукат гармат, скрыгат мячоў, цокат коней. Вакол рыцары ў даспехах, дамы ў сярэдневяковых строях, палаткі з саламяным подсцілам, вогнішчы, над якімі дымяцца кацялкі з духмянымі супамі, майстэрні, дзе рамантуюць кальчугі і зброю. У праграме гэтага года — традыцыйныя рыцарскія турніры, тэатралізаваны штурм замка, конныя прадстаўленні, майстар-класы па танцах, выступленні музычных гуртоў. Сярод сучасных забаў — некалькі незвычайных шоу: вогненнае, цыркавое, неонавае і монстр-шоу.

Навагрудскі замак

19-20 жніўня, (Навагрудак, Гродзенская вобласць)

У Навагрудка багатая гісторыя. Аднак пра часы былога росквіту горада сёння, на жаль, нагадваюць только рэшткі замка. А яшчэ — фестываль сярэдневяковай культуры «Навагрудскі замак». На яго з’язджаюцца тысячы турыстаў, каб паглядзець на адважных рыцараў, якія спаборнічаюць у спрыце і майстэрстве вайсковай справы, як гэта было стагоддзі назад. Сёлета на фестывалі запланаваны бітвы на дзідах і мячах, конныя турніры, бугурты, майстар-класы ад рамеснікаў і танцораў. Галоўнай падзеяй свята стане рэканструкцыя каранацыі вялікага князя Міндоўга, якая, па меркаванні многіх даследчыкаў, адбылася менавіта ў Навагрудку.

Шлях вікінгаў - 2017

19—20 жніўня, (парк гісторыі «Сула», Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць)

Акунуцца ў легендарную эпоху гандлёвых караванаў, купцоў, дракараў і ваяўнічых вікінгаў запрашае фестываль ранняга Сярэднявечча «Шлях вікінгаў». Яму ўсяго два гады, аднак па насычанасці праграмы ён ніколькі не саступае ўжо добра вядомым фэстам. Сёлета тут пройдуць вайсковыя спаборніцтвы і паядынкі вікінгаў: «Кола Одзіна», «Кола Локі», масавыя бітвы, бугурты, бітвы па кругавой сістэме і бітвы атрадаў. На фестывальнай пляцоўцы будзе дзейнічаць паходны лагер, дзе ўсе госці свята змогуць пазнаёміцца з прадметамі побыту, зброяй, касцюмамі вікінгаў. У «Горадзе майстроў» можна будзе набыць сувеніры, паспрабаваць сілы ў ганчарстве, кавальскай і зброевай справах, апрацоўцы камянёў і гэтак далей. Запланаваны актыўныя зоны для гасцей свята: лучны цір, кіданне кап’я і сякеры, паласа перашкод. Вядома, не абыдзецца і без музычнай часткі.

«СБ»