Свята «Александрыя збірае сяброў» пройдзе 4 і 5 ліпеня у Шклоўскім раёне

Перад Купаллем, што выпадае на панядзелак-аўторак, варта паехаць у Шклоўскі раён. 4 і 5 ліпеня ў аграгарадку Александрыя на беразе Дняпра, у атачэнні шыкоўных краявідаў будзе праходзіць свята «Александрыя збірае сяброў».

На ім адбудуцца ўсе магчымыя выставы (нешта на іх можна будзе і набыць), тут знойдуцца сувеніры, кнігі і харчаванне, прадукцыя перапрацоўчай прамысловасці, вырабы народных майстроў. Будзе прадстаўлена экспазіцыя «Археалагічныя знаходкі Верхняга Падняпроўя», выстава племянной жывёлагадоўлі і іншыя. Дарэчы, па традыцыйных відах рамёстваў пройдуць майстар-класы.

Паміж выстаўкамі і пунктамі продажу можна будзе падсілкавацца, прычым нядрэнна — на свяце будзе працаваць больш за шэсцьдзясят суб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання. Можна трапіць на «Свята сала», «Свята мёду» ці ў «Гасцёўню Бульбаша». Галоўная сцэнічная пляцоўка на другі дзень стане месцам, дзе ўзнагародзяць перадавікоў аграпрамысловага комплексу Магілёўскай вобласці за 2014 год.

«Асноўны ўхіл у канцэпцыі свята сёлета, апроч традыцыйных стылёвых элементаў, рабіўся на моладзь, усё ж такі Год моладзі, — расказала нам намеснік начальніка аддзела мастацтваў і культпрасветработы Магілёўскага аблвыканкама Ірына Жаркоўская. — Таму адразу пасля адкрыцця на малой канцэртнай пляцоўцы пачнецца святочная праграма "Моладзь. Традыцыі. Будучыня", дзе будуць і студыі мадэлінгу, і тэатр мод, і КВЗ, і дэманстрацыя спартыўных дасягненняў. Будуць прадстаўлены гледачам гала-канцэрт маладзёжнага эстраднага конкурсу "Лесвіца ў неба", што праходзіў у вобласці, канцэрт "Купальскія мелодыі Александрыі" з абрадавымі элементамі. Упершыню ў праграму ўключаны творчы праект "Купальская мазаіка" — гэта пяць выставачных экспазіцый, дзе маладыя майстры правядуць майстар-класы і пакажуць працэс вырабу тканага пояса. Потым гэты пояс будзе перададзены ў Магілёўскі краязнаўчы музей імя Раманава. Адным з асноўных мерапрыемстваў стане паказ на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы мюзікла "Папараць-кветка" з удзелам "зорак" беларускай і расійскай эстрады».

Сайт Могилевского облисполкома