У Магілёве 11 лістапада ўрачыста адкрылі IV Міжнародны форум «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства».
Сёлета на форум запрасілі навукоўцаў і спецыялістаў па традыцыйнай культуры з шэрагу краін: Беларусі, Расіі, Малдовы, Туркменістана, Кітая, Азербайджана, Арменіі, Балгарыі, Казахстана, Іспаніі, Італіі, Польшчы, Літвы, Украіны і інш.
«Любое мерапрыемства — гэта, у першую чаргу, абмен вопытам, — кажа ўдзельнік форуму дырэктар навукова-метадычнага цэнтра па культуразнаўству Міністэрства культуры і турызму Азербайджана Асіф Усубаліеў. — Культура сённа, напэўна, адзіны фактар, які аб’ядноўвае, набліжае і забяспечвае інтэграцыю краін. Таму любое мерапрыемства, якое прысвечана папулярызацыі культуры, у тым ліку і нацыянальнай, Азербайджан не толькі падтрымлівае, але і актыўна ўдзельнічае ў іх».
Завітаў на мерапрыемства і Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў.
«Я вельмі ўдзячны ўладам Магілёўскай вобласці за тое, што тут ужо ў чацвёрты раз праводзіцца гэта значнае мерапрыемства, з такой колькасцю міжнародных удзельнікаў, — адзначыў Барыс Святлоў. — І гэта якраз адпавядае накірунку, як кажуць „мэйнстрым“, які назіраецца ўвогуле ў культурнай сферы, калі мы ўсё больш і больш дакранаемся да нашых вытокаў. Таму вельмі вялікая цікаўнасць і з боку Арменіі, і з боку Азербайджана, і Кітая. Якія толькі тут краіны не прадстаўлены. Але ўсе яны вельмі зацікаўлены не толькі ў тым, якая ёсць на Беларусі спадчына, але ж і той методыкай, тымі механізмамі, якія мы сёння выкарыстовываем, якія назапасілі ў мінулыя гады».
Міністр культуры падкрэсліў, што форум, які з кожным годам набірае моц, стаў своеасаблівым брэндам Магілёва і Магілёўскай вобласці. Да таго ж Барыс Уладзіміравіч выказаў упэўненасць, што мала толькі захаваць спадчыну, трэба зрабіць так, каб яна «працавала» на карысць дзяржавы.
Апрача ўрачыстага мерапрыемства ў першы дзень форуму госці возьмуць удзел у традыцыйнай навукова-практычнай канферэнцыі. Сёлета яе галоўнай тэмай стала нематэрыяльная культурная спадчына. Таксама будзе працаваць шэраг тэматычных выстаў.
Заўтра ўдзельнікі мерапрыемства адправяцца ў Круглянскі раён, дзе змогуць паўдзельнічаць у народным гулянні «Восеньскі кірмаш «Багач».