Этнаграфічны міні-музей у дзіцячым садку

Этнаграфічны міні-музей у дзіцячым садку«Беларуская хатка» ў дзіцячым садку № 87 — адно з улюбеных месцаў дзяцей.
Гліняны і драўляны посуд, даўнія прадметы дамашняга побыту, вышываныя ручнікі, нацыянальная вопратка — чаго толькі няма ў «Беларускай хатцы»! Гэты музей незвычайны, тут можна не толькі глядзець на экспанаты, але і браць іх у рукі, разглядаць, нават паспрабаваць апрануць вышываныя сарочкі і фартухі дазваляецца.

Як у кожнай вясковай хаце, у нашай хатцы ёсць печ. Каля пячы стаяць сапраўдныя вілкі ды качарга, і чапяла таксама месціцца ля прыпечку. На паліцы — газоўка, сапраўдная, можна скарыстацца хоць сёння. Дзеці, гледзячы на цьмянае святло газоўкі, звычайна пытаюцца, ці дазвалялі ўвечары чытаць — бо нічога ж не бачна! А пры такім святле не толькі чыталі, але і пралі, ткалі, шылі адзенне. Дзецям заўседы цікава паспрабаваць пакруціць кола самапрадкі, патрымаць бёрда кроснаў. Цікава ім і «прасаваць» бялізну качалкаю, і трымаць у руках сапраўдныя самапраныя рэчы, і «біць масла» сапраўднай маслабойкаю. Хіба без усяго гэтага можна было б знаёміць дзяцей з традыцыйным побытам продкаў?

У этнаграфічным куточку часта гучыць беларуская мова. Загадкі, казкі, песні — дзеці слухаюць іх і выконваюць самі. Нават бацькі не лянуюцца зайсці ў нашу хатку. І амаль заўседы пасля бацькоўскай экскурсіі ў куточку з’яўляюцца новыя экспанаты. Разам з бацькамі мы рыхтуем і нацыянальныя святы — з традыцыйнымі беларускімі прысмакамі, з народнымі песнямі і гульнямі.
З багатым культурным набыткам беларускага народа дзеці знаёмяцца і на занятках — а потым расказваюць пра ўсе, што пачулі, бацькам. Мы ўпэўнены, што ў кожнай сям’і павінна гучаць беларускае слова, беларускія песні.

Маленькія беларусы хутка вырастуць. Няхай жа яны ўспомняць нашу «Беларускую хатку» — і прывядуць туды сваіх дзяцей.

Зубкова Алена,
выхавальнік ДУА «Яслі-сад № 87 г.Магілёва»

Этнаграфічны міні-музей у дзіцячым садку

Этнаграфічны міні-музей у дзіцячым садку

Этнаграфічны міні-музей у дзіцячым садку