Цудоўным восеньскім днём калектыў настаўнікаў «Сярэдняй школы № 35 г. Магілёва» адправіўся ў вандроўку па Магілёўскай вобласці.
Маршрут распрацавалі загадзя разам з экскурсаводамі турыстычнага агенства «Спадарожнік». Першы прыпынак — вёска Лясная Слаўгарадскага раёна, дзе ў 1708 годзе рускімі вайскамі быў разбіт атрад А.Лівенгаўпта. Памяць пра гераізм нашых продкаў захоўваецца і сёння: у гонар 300-годдзя бітвы закладзены парк Сяброўства беларускага, рускага і ўкраінскага народаў.
Чароўная слаўгарадская зямля сустрэла нас жывапіснымі краявідамі рэк Проні і Сожа. Экскурсавод звярнуў увагу на гістарычны помнік Слаўгарада — Храм Раства Прасвятой Багародіцы, пазнаёміў з айцом Уладзімірам, які цікава расказаў пра гісторыю стварэння храма.
Наступны прыпынак — Блакітная крыніца. Вада ў Блакітнай крыніцы на Слаўгарадчыне сапраўды мае непаўторнае бірузовае адценне. Яе нездарма называюць адным з цудаў Беларусі. Крыніца вечнасці. У гэтае месца можна закахацца з першага погляду.
Далей наша вандраванне працягнулася на Мсціслаўшчыну, да Пустынскага манастыра, які стаіць ужо больш за 6 стагоддзяў. Старадаўні манастыр у 1380 годзе заснаваў удзельнік Кулікоўскай і Грунвальдскай бітваў князь Сімяон Лугвеній, якому пасля абмывання ў крыніцы ўдалося вярнуць зрок. У ХIХ стагоддзі быў пабудаваны каменны Успенскі храм, а затым — Пакроўская царква і храм Раства Прасвятой Багародзіцы, які размешчаны побач з крыніцай. У канцы ХIХ стагоддзя ў Пустынках з’явілася шмат’ярусная шатровая званіца, якая стала яе вядомым сімвалам.
Напрыканцы экскурсіі мы апынуліся ў Мсціславе. Атмасфера даўніны адчуваецца ў гэтым горадзе і сёння: Замкавая і Дзявочая горы, а таксама ўнікальная архітэктура ХVII—ХХ стагоддзяў — касцёл кармелітаў, езуіцкі калегіум і сабор Аляксандра Неўскага, помнік першадрукару П. Мсціслаўцу, «Рыцарскі фэст»...
Наша вандроўка непрыкметна закончылася, але ўражанняў хопіць на доўгі час. Маленькія гарадкі нашай вобласці маюць свае гістарычныя тайны, і мы неяк па-іншаму пачынаем глядзець на свой край. Гэтыя неверагодныя відовішчы напаўняюць нас новымі пачуццямі, дапамагаюць спазнаць самога сябе.
Грыгор’ева Ірына Яўгеньеўна,
настаўнік беларускай мовы