Наша мова ззяе самацветамі, лаканічнымі іскрынкамі ўсіх колераў і адценняў — прыказкамі, прымаўкамі, фразеалагізмамі.
Яны дапамагаюць чалавеку з найбольшай выразнасцю выказваць свае думкі, перакананні, надаюць маўленню маляўнічасць і вобразнасць.Таму кожны тыдзень беларускамоўны чацвер праходзіць з захапленнем і цікавасцю. Гэты чацвер быў прысвечаны менавіта фразеалагізмам, прыказкам і прымаўкам. Так, вучні 6-8-х класаў прымалі ўдзел у мерапрыемстве «Сказаў як адрэзаў». Дзве каманды з вучняў 6-8-х класаў — «Залацінкі» і «Дарадцы» — паспрабавалі сябе ў ролі мовазнаўцаў. Юнакі і дзяўчаты весела, з захапленнем выконвалі конкурсныя заданні, прыгадвалі вывучаныя на ўроках мовы і літаратуры фразеалагізмы. Вучні прыгадалі, што ў беларускага народа шмат прыказак і прымавак, у якіх гаворыцца пра сяброўства, сяброўскую дапамогу, працу, гасціннасць.
Своеасаблівая жартаўлівасць, іранічнасць і гумарыстычнасць народных выслоўяў, сур’ёзныя павучэнні, адкрытае праяўленне сімпатый і антыпатый — усё разам адлюстроўвае вялікае значэнне гэтых жамчужын народнага розуму, народнай славеснасці.
Самыя актыўныя ўдзельнікі мерапрыемства былі ўзнагароджаны прызамі.
Двужыльная О.В., настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА «Сярэдняя школа № 11 г.Магілёва»