Семінар кіраўнікоў школьных МА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры «Забеспячэнне дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі пры засваенні вучэбных прадметаў "Беларуская мова", "Беларуская літаратура" на факультатыўных занятках і ў пазакласнай рабоце» адбыўся 10.10.2016 года ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 26 г.Магілёва» .
Навукова-метадычны блок семінара вялі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Супіталёва Н.К. і Хамянкова В.У., якія адзначылі, што менавіта развіццёвы характар працэсу навучання з’яўляецца галоўнай характэрнай прыкметай арганізацыі дапрофільнага навучання, пазнаёмілі ўдзельнікаў семінара з канцэптуальнымі асновамі профільнага і дапрофільнага навучання. Асаблівую цікавасць выклікала выступленне вучаніц профільнага дзясятага класа аб уласнай траекторыі руху да самавызначэння і самаразвіцця.
Настаўніца першай кваліфікацыйнай катэгорыі С.У. Шэпелева правяла факультатыўны занятак у 9-ым класе і зрабіла яго самааналіз. Адметным для факультатыўнага занятку стала тое, што настаўнікам шматразова стваралася сітуацыя поспеху для кожнага вучня, якія дэманстравалі ўменне карыстацца і тэхнічнымі сродкамі навучання, і камунікатыўнымі (уменне весці гутарку, удзельнічаць у дыскусіі, карыстацца рознымі відамі пісьмовага і вуснага маўлення).
Настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі В.У. Хамянкова запрасіла на майстар-клас «Падрыхтоўка вучняў да алімпіяды», падчас якога быў прапанаваны займальны матэрыял лінгвакультуралагічнага характару, які мае на мэце ўзбагаціць і дапоўніць асноўныя змест моўнай адукацыі ў сучасных умовах.
Удзельнікамі семінара былі распрацаваны схемы «Профільнае і дапрофільнае навучанне», «Прыёмы паспяховай рэфлексіі».
Падводзячы вынікі, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры назвалі семінар святам прафесіяналізму, кампетэнтнасці, творчасці.
Кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў
беларускай мовы і літаратуры
дзяржаўнай установы адукацыі
«Сярэдняя школа № 26 г. Магілёва»