Святло паэзіі душы маёй. Назва літаратурнага вечара, які адбыўся 13 кастрычніка 2016 года ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва».
Зноў чацвер. Зноў паветра напоўнена чароўнымі гукамі матчынай мовы, зноў вясёлкай ззяе кожнае слова.
На літаратурны вечар, які падрыхтавалі вучні 10-х класаў, былі запрошаны госці: пяцікласнікі, педагогі нашай школы.
У час правядзення мерапрыемства гучалі натхнёныя радкі майстроў слова ў выкананні старшакласнікаў. Гэта былі ўзнёслыя словы пра Бацькаўшчыну, ціхі роздум пра сэнс чалавечага існавання, шчырасць інтанацыі ў споведзі пра каханне, гонар за гераізм беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, перакананне ў неабходнасці мець актыўную жыццёвую пазіцыю для дасягнення самых смелых мэт, замілаванне мілагучнасцю роднага слова, беларускай мовы.
Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Пятрусь Броўка, Сяргей Дзяргай, Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Дубоўка, Максім Танк... — імёны, якія былі на вуснах удзельнікаў літаратурнага вечара «Святло паэзіі душы маёй», саграваючы ўсіх прысутных цеплынёй роднай мовы.
Падчас сустрэчы дэкламавалі вершы беларускіх паэтаў і настаўнікі англійскай мовы: Антонава Вераніка Алегаўна, Малеева Марыя Анатольеўна. Іх выступленне вызывала ў прысутных лёгкае здзіўленне і непамерную гордасць за сваё, за роднае.
Вучні 5 «А» класа — Русаковіч Алена, Чарнякоў Вячаслаў, Доўгі Данііл, Дзікі Цімафей — прадэманстравалі высокае майстэрства, акцёрскі талент, улюбёнасць у паэзію.
Святло паэзіі выпраменьвала душэўнасць і чуллівасць, спагаду і ласку, радасць і шчасце.
Зноў чацвер прынёс на крылах казачныя гукі роднай мовы.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Петрачэнка В.С.