Зноў чацвер. Зноў у цэнтры ўвагі вучняў і настаўнікаў дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва» родная мова. На гэтым тыдні адзіны дзень беларускай мовы быў прысвечаны некалькім падзеям адразу.
Па-першае, напярэдадні вучні 9 «Б» і 9 «В» класаў разам са сваімі класнымі кіраўнікамі наведалі Магілёўскі абласны драматычны тэатр, дзе паглядзелі прэм’еру драмы «Скарына», якая, хоць і па-руску, расказвае пра беларускага першадрукара не толькі як пра асветніка, але і як пра звычайнага чалавека, са сваімі марамі і сумненнямі, са сваёй філасофіяй жыцця.
Па-другое, цэнтрам беларускамоўнага асяроддзя, як заўсёды, стала бібліятэка школы, дзе да гэтага дня была аформлена выстава «10 лепшых беларускіх аўтараў», а вучні мелі магчымасць паўдзельнічаць у віктарыне і атрымаць невялікія памятныя падарункі ад бібліятэкараў.
І нарэшце, вучняў 6 «В» класа чакаў незвычайны ўрок-падарожжа «Ад рукапіснай кнігі да друкаванай "Бібліі" Францыска Скарыны». З цікавасцю яны слухалі аповед пра жыццё славутага сына Полацкай зямлі, самі расказвалі пра Музей кнігадрукавання ў Полацку, але найбольшую цікавасць у школьнікаў выклікала сама «Біблія», якую надрукаваў Скарына ў 1517 годзе. Канечне, арыгінала ў нашай школе няма, але ёсць факсімільнае выданне. Менавіта яго і паспрабавалі прачытаць вучні.
Атрымалася далёка не ўсё, але цікавасць да твораў Скарыны ўзнікла. Узнікла і жаданне прачытаць не толькі праграмны твор, які змяшчаецца ў падручніку, але і іншыя прадмовы да кніг «Бібліі», перакладзеных на беларускую мову і выдадзеных Скарынам. А пакуль у дзіцячых сэрцах жыве цікавасць да гісторыі, культуры і літаратуры роднай зямлі, мы будзем чуць беларускую мову не толькі на ўроках, але і на перапынках, не толькі ў школе, але і па-за яе межамі.
Кіраўнік МА настаўнікаў беларускай мовы і літататуры
А.А.Бялясава