Як жылi нашы продкі

Як жылi нашы продкіКожны чацвер у нашым класе праходзіць Дзень беларускай мовы. Гэта свята беларускіх песень, карагодаў, гульняў. А сёння наша настаўніца Святлана Яўгенаўна прапанавала схадзіць у сапраўдную беларускую хату і паглядзець, як жылі нашы продкі. Мы з задавальненнем усе згадзіліся пазнаёмiцца з даўніной. Зараз я хачу падзяліцца з вамі сваімі ўражаннямі.

У «Беларускай хатцы» было шмат старых рэчаў, пра якія я нават не чула і якія не бачыла. На парозе нас сустракалі гаспадар і гаспадыня з караваем і снапом жыта.

Як расказала нам экскурсавод, нашы продкі верылі, што сноп хлебных каласоў — лепшы сродак звароту да Бога з просьбай аб дараванні новага ўраджаю і працвітання. Чалавек як бы казаў: «Вось плод маёй працы і міласці Прыроды, я буду старанна і нястомна працаваць і заўтра, няхай не пакіне мяне падтрымка вышэйшай сілы!». Гэты сноп называўся «дажыначным» і лічыўся цудадзейным і святым. Ён упрыгожваў пачэсны чырвоны кут хаты — адганяў злыя сілы. У чырвоным куце віселі іконы ў прыгожа вышытых ручніках, стаяў галоўны стол. Калі нараджаўся хлопчык, яго на ім спавівалі. І гэта быў мужыцкі кут. А вось у жанчын і дзяўчынак быў свой кут — бабін. Здагадаліся? Так, гэта там, дзе стаяла печ. Нам паказалі і расказалі, як называліся розныя прылады для работы ў печы: чыгункі, ухват або вілачнік, качарга, хлебная лапата. А яшчэ прапанавалі маім сяброўкам паспрабаваць паставіць чыгун у печ. Вельмі цікава, хоць і цяжкі быў чыгун!

Хлопчыкам паказалі і расказалі, як раней муку рабілі. Жорны былі вельмі вялікія і цяжкія, дзяўчынкі іх не здолелі б круціць. Сапраўдная хлапчуковая праца! На жаль, нашы хлапчукі таксама не змаглі іх круціць: не хапіла сілы. А вось вялікі драўляны малаток — кіянку — усе з задавальненнем патрымалі ў руках.

Многа цікавага нам расказалі і паказалі пра жыццё продкаў: як бялізну мылі, як яе прасавалі, як пралка працавала, як начоўкі рабілі, як у калысцы дзіця калыхалі, якім посудам карысталіся. Але больш за ўсё мяне здзівілі лялькі даўніны. Іх рабілі з саломы, з ільну, з анучак. Гэта былі лялькі не для гульні, а для аховы хаты, жыхароў гэтай хаты, дамашніх жывёл. Уявіце, у іх не было на твары ні вачэй, ні носа,ні вуснаў! Лялька павінна была быць тоўстай, таму туды зашывалі розныя травы (крапіву, мяту). Ад іх ішоў прыемны водар.

Мне і маім сябрам вельмі спадабалася падарожжа ў мінулае. Дома я абавязкова ўсім родным распавяду пра тое, аб чым сёння даведалася.

Калеснікава Настачка
вучаніца 2 «В» класа
і Апідовіч С.Я.
настаўнік пачатковых класаў
ДУА «Сярэдняя школа № 21 г. Магілёва»

Як жылi нашы продкі

Як жылi нашы продкі

Як жылi нашы продкі

Як жылi нашы продкі

Як жылi нашы продкі