Каб любіць Беларусь нашу мілую…

Каб любіць Беларусь нашу мілую…Першы зімні дзянёк. Светлы, непаўторны, як само жыццё. Дзень новых адкрыццяў і радасных сустрэч.

У межах дня беларускага маўлення вучні 6-х класаў дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва» пасля заканчэння ўрокаў наведалі школьны музей «Скарбы», дзе ва ўтульнай дамашняй абстаноўцы з кубачкам гарбаты ў руках абмеркавалі лістападаўскае падарожжа ў старажытны горад Кракаў. Прыгадалі, як зніякавелі ад урачыстасці Каралеўскага шляху, які з’яўляецца самай папулярнай турыстычнай часткай Кракава, што пралягае праз увесь Стары горад.

Дарэчы, Кракаў часам называюць польскім Пецярбургам ці польскімі Афінамі за мноства славутасцей. Каралеўскі палац на Вавелі, Казімеж, Марыяцкі касцёл, помнік Адаму Міцкевічу, дзіўнай прыгажосці будынкі эпохі Адраджэння і барока, музеі, турыстычныя маршруты. На нейкі момант мы страцілі арыентацыю ў часе і прасторы. Уражаныя, прыціхлыя, шчаслівыя, мы спыніліся каля вышэйшай навучальнай установы, у якой вучыўся Францыск Скарына.

З непрыхаваным здзіўленнем нашы юныя турысты сфатаграфаваліся каля незвычайнай скульптуры «Eros Bendato», што ўяўляе сабой мужчынскую галаву досыць вялікіх памераў. Скульптура сімвалізуе гарачае каханне, ад якога людзі «теряют голову». Жыццё... Што тут скажаш?..

Саляная шахта «Велічка» — адзін з найкаштоўнейшых помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры, унесены ў Спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Шахта ўяўляе сабой бясконцыя галерэі на сямі падземных узроўнях працягласцю больш за 200 кіламетраў.

Гартаючы альбом з фотаздымкамі, мы прыйшлі да высновы, што без падарожжаў жыць немагчыма. І не трэба. Але ж сэрца не падманеш. Яно б’ецца па-сапраўднаму толькі дома, на Беларусі. Успамінаюцца словы: «Мне сняцца сны аб Беларусі». А што бачыце Вы ў сваіх снах?

Кустава Алена Сяргееўна,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Каб любіць Беларусь нашу мілую…

Каб любіць Беларусь нашу мілую…

Каб любіць Беларусь нашу мілую…

Каб любіць Беларусь нашу мілую…