У дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва» праводзіўся тыдзень беларускай мовы і літаратуры.
На працягу тыдня прайшлі разнастайныя мерапрыемствы: выстава кніг «Жыві і цэннасці шукай...», прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, экскурсія ў музей матэрыяльнай і духоўнай спадчыны «Скарбы», конкурс эрудытаў «Моўныя залацінкі», адкрыты ўурок «Залаты збан», урок Багдановіча «Ты зоркай незгасальнай у небе навекі», урок беларускай мовы «Казкі дзеда-Буквадзеда», гульня «Гаворым па-беларуску», турнір «Знайцы роднай мовы», урок-падарожжа «Зямля пад белымі крыламі», віктарына «Моўныя скарбы роднага краю».
Мерапрыемствы былі цікавымі і пазнавальнымі.
У 6 «В» класе ўсе жадаючыя (а іх было шмат) прысутнічалі на адкрытым ўроку беларускай літаратуры па тэме «Анатоль Вялюгін «Спелы бор», які праводзіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Кустава Алена Сяргееўна. Веліч, чысціня, вечнасць, жыццесцвяржальнасць, гармонія свету чалавека і прыроды — пачуцці, выкліканыя падчас адкрытага ўрока. Настаўніца тактоўна і інтэлігентна падводзіла вучняў да высновы: еднасць чалавека і прыроды — аснова гарманічнага жыцця. На ўроку гучала мелодыя свята, мелодыя шчасця, мелодыя жыцця, жыцця святога. Алена Сяргееўна выхоўвала эмацыянальную чуйнасць шасцікласнікаў, фарміравала іх творчае ўяўленне, вобразнае ўспрыманне, вучыла спасцігаць пачуцці паэта.
Тыдзень беларускай мовы і літаратуры быў сапраўдным святам, родная мова ззяла яркай вясёлкай, выклікаючы ў вучняў павагу і асалоду, гонар і жыццярадаснасць.
Кіраўнік метадычнага
аб’яднання настаўнікаў
беларускай мовы і літаратуры
Петрачэнка В.С.