Гучыць роднае слова!

Любоў і павага да роднай беларускай мовы не ўзнікае на пустым месцы. Каб дзіця пачало гаварыць на ёй, патрэбны і час, і плённая праца дарослых у гэтым накірунку.

Добра, калі ў сям’і, дзе выхоўваюцца дзеці, разумеюць, што беларуская мова – аснова нашай нацыянальнай самасвядомасці, крыніца мудрасці беларускага народа. Калі бацькі чытаюць сваім дзецям, ці разам з імі, беларускія народныя казкі, легенды, паданні, вершы і апавяданні беларускіх пісьменнікаў, глядзяць мульцікі і тэлеперадачы на беларускай мове, наведваюць беларускамоўныя спектаклі ў лялечным тэатры. А калі не? Тады ўсю працу па фарміраванні і развіцці беларускамоўнага маўлення, прывіцця любові да роднай мовы выконваюць педагогі. Безумоўна, на кожным этапе навучання і выхавання падрастаючага пакалення ў сярэдняй школе настаўнікі выкарыстоўваюць розныя метады і прыёмы работы з дзецьмі ў гэтым накірунку. І калі малодшыя школьнікі чакаюць “казку” ад настаўніка, чакаюць нечага цікавага і незвычайнага, то старэйшыя – самі прапануюць гэта цікавае і незвачайнае.

Так, у чацвер, які дарэчы з гэтага года з’яўляецца адзіным днём беларускага маўлення, вучні 10-х класаў дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва” разам са сваёй настаўніцай Грыгор’евай Ірынай Яўгенаўнай распачалі новы праект “Кава па-беларуску”. Мэта праекта – “вынесці” беларускую мову за межы школы, а канкрэтна на вуліцы і ў кавярні нашага горада. За кубачкам кавы дзяўчаты чытаюць вершы сваіх любімых беларускіх паэтаў, а Ірына Яўгенаўна знаёміць іх з творамі сучасных беларускіх аўтараў, тым самым падкрэслівае, што беларуская літаратура не спыніла свайго развіцця, яна жыве, а паэты і пісьменнікі выдаюць свае кнігі. Не застаюцца без увагі і супрацоўнікі кавярні. Яны таксама далучаюцца да беларускай мовы праз гутарку з дзяўчатамі і афармленне замовы. І да гэтай працы афіцыянты падыходзяць з энтузіязмам: на талерачках нашых дзяўчат з’яўляюцца шакаладныя надпісы па-беларуску.

Праект “Кава па-беларуску” не абмяжоўваецца прасторай школы і магілёўскіх кавярняў. Дзяўчаты зарэгістравалі сваю суполку ў сацыяльнай сетцы Instagram, якая так і называецца “kavapabelarysky”, і запрашаюць усіх, хто цікавіцца беларускай мовай, хто любіць беларускую паэзію і прозу, і тых, хто не супраць весела правесці час за кубачкам кавы, далучацца да іх.
Паважаныя сябры! Далучайцеся да нас, запрашайце сваіх сяброў у кавярні любімага горада і размаўляйце на роднай мове.

Ірына Яўгеньеўна Грыгор’ева,
Алена Аляксандраўна Бялясава,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры