4 студзеня 2017 года ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва» адбылося пасяджэнне метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па тэме "Выкарыстанне эфектыўных сучасных адукацыйных тэхналогій на ўроках беларускай мовы і літаратуры.
Урок... Паводле санскрыту, у — ура, рок — лёс. Разам гэта азначае: ура, збыўся лёс. Яны сустрэліся, два чалавекі на дарозе жыцця — настаўнік і вучань.
Наша прафесія прад’яўляе чалавеку звышпатрабаванні: усё, чаму вучыць настаўнік, павінна быць у ім самім. Розум выхоўваецца розумам, маральная высакароднасць — асаблівай высакароднасцю.
Сістэма адукацыі пастаянна выражае два прынцыповыя пытанні: чаму вучыць і як вучыць.
На пасяджэнні метадычнага аб’яднання Петрачэнка Валянціна Сяргееўна расказала пра асобасна-арыентаваныя тэхналогіі. Адукацыйная тэхналогія — гэта працэсная сістэма сумеснай дзейнасці вучняў і настаўнікаў па планаванні, арганізацыі, арыентаванні і карэкціроўцы адукацыйнага працэсу з мэтай дасягнення канкрэтнага выніку пры забеспячэнні камфортных умоў удзельнікам.
Тэхналогія сэнсатворчасці і дыялогу. Важнай умовай рэалізацыі гэтай тэхналогіі з’яўляецца дыялог. Эфектыўнасць тэхналогіі залежыць ад псіхалагічнага забеспячэння ўрока — дыялога (адсутнасць псіхалагічных бар’ераў, эмпатыўнасці і талерантнасці ўдзельнікаў размовы); ад матывацыйнай, камунікатыўнай падрыхтаванасці ўдзельнікаў размовы, аб’ектыўнай праблемнасці вучэбнага матэрыялу, уключэнне ў яго асобаснага вопыту навучэнцаў.
Кустава Алена Сяргееўна пазнаёміла з выкарыстаннем праектнай тэхналогіі ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Настаўніца засяродзіла ўвагу на тым, што мэта праектнага навучання заключаецца ў прадстаўленні вучням магчымасці самастойна набыць веды з розных крыніц, навучыцца карыстацца імі.
Шэндзерава Іна Сяргееўна расказала пра асаблівасці модульнай тэхналогіі. Як паказвае настаўніцкі вопыт, рэалізацыя модульнай тэхналогіі дазваляе скараціць час навучальнага курса на 30%. З мэтай разнастайнага і эфектыўнага выкладання модульную тэхналогію можна прымяняць і на ўроках літаратуры. Асабліва спрыяльнымі з’яўляюцца заняткі па вывучэнні аглядавых тэм, літаратуразнаўчых артыкулаў і біяграфій пісьменнікаў у X — XI класаў.
Такім чынам, граматна выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры, настаўнікі могуць забяспечыць максімальную эфектыўнасць вучэбнага працэсу, памятаючы, што розум выхоўваецца розумам.
Кіраўнік метадычнага аб’яднання
настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры
Петрачэнка Валянціна Сяргееўна