Падарожжа ў свет кнігі

Падарожжа ў свет кнігіКніга... Яна ўваходзіць у жыццё чалавека з самага маленства як невычэрпная крыніца пазнання свету і духоўнага хараства. Нібы казачны чарадзей, яна прамаўляе на ўвесь свет нашы запаветныя мары і надзеі, вучыць высокай праўдзе і чалавечнасці.

Сёння ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва» ў захапляючае падарожжа па старонках любімых кніг адправіліся самыя верныя і надзейныя вандроўнікі, якія заўжды з радасцю жадаюць сустрэцца з незнаёмымі (а часам і знаёмымі) краявідамі і ваколіцамі, а галоўнае — з вельмі рознымі па характары і паводзінах людзьмі.

У час падарожжа рабяты абаранялі праекты «Раю прачытаць», адкрываючы сябрам новыя таямніцы жыцця, з яго разнастайнымі ўражаннямі, буднямі і святамі, паўсядзённымі клопатамі-турботамі і думкамі-пачуццямі.

Асабліва ўразілі творчым падыходам, незвычайнасцю і арыгінальнасцю работы Кісялёвай Лізаветы, Гарбатко Віталіны, Храбтовіч Любові (7 «А» клас), Ракузавай Аляксандры (7 «Б» клас), Казлоўскай Аляксандры, Сушко Вольгі (7 «В» клас).

Асабліва зацікавіла рабят фантастычнае апавяданне Р. Баравіковай «Лён-Лянок, альбо Кампакт-дыск ад зялёнага Дрэйка», бо вучыць з павагай адносіцца да зямлі і да людзей.

Аповесці В. Быкава, вершы У. Караткевіча, А. Вярцінскага, байкі К. Крапівы, эсэ Я. Брыля, апавяданні А. Федарэнкі, В. Праўдзіна, А. Жука, Л. Рублеўскай прымусілі думаць і перажываць, здзіўляцца і захапляцца, сумаваць і ўсміхацца, адным словам, глыбей пазнаць тое, што адбываецца навокал, лепш разумець жыццё.

Гэта было цікавае падарожжа, поўнае разнастайных уражанняў, а наша праца дасягнула поспеху, бо жаданне вандраваць па старонках кніг зазырчэла з новай сілай. Прыемных сустрэч!

Наталля Валер’еўна Аллянкова,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Падарожжа ў свет кнігі Падарожжа ў свет кнігі

Падарожжа ў свет кнігі Падарожжа ў свет кнігі

Падарожжа ў свет кнігі Падарожжа ў свет кнігі