Складана-супярэчлівае, мітусліва-неспакойнае XXI стагоддзе. Час узлёту чалавечай думкі і час дэфіцыту на добрыя, душэўныя, сардэчныя словы.
“Бойся спазніцца са словам харошым,” – так называўся конкурс эсэ, які быў праведзены па ініцыятыве вучняў 10-х класаў падчас адзінага дня беларускага маўлення ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва”.
Дзесяцікласнікі, пішучы эсэ, яшчэ раз асэнсавалі сваю жыццёвую пазіцыю адносна ўжывання харошых слоў, якія дапамагаюць у жыцці ўсім людзям: ад немаўляткі ў калысцы да сівога дзядулі, які захапляецца прыгажосцю жыцця, нягледзячы ні на якія жорсткія выпрабаванні.
Добрае слова здольнае ўсяліць у чалавека упэўненасць, ашчаслівіць, прынесці асалоду, а значыць, здольнае прымусіць чалавека жыць. А гэта так важна, асабліва ў час разгубленасці юных душ.
Дзяўчаты і хлопцы выступалі са сваімі эсэ перад аўдыторыяй равеснікаў, запісвалі асобныя сказы на дошцы.
Гучала шчырае прызнанне ў тым, што не ў поўнай меры выкарыстоўвалі харошыя словы, але абавязкова напоўняць заўтрашні дзень вабнасцю харошых слоў. На шчасце, жыццё толькі яшчэ ўпачатку, наперадзе шмат хвілін, якія будуць насычаны харошымі словамі, што не толькі палепшаць жыццё, але і зробяць дабрэйшымі тых, хто іх гаворыць.
Пераможцамі конкурсу былі ўсе ўдзельнікі, бо пераканне гаварыць харошыя словы любімым бацькам, няўрымслівым аднагодкам, кожнаму чалавеку - самая высокая адзнака. Чым больш харошых слоў будзем гаварыць, тым больш шчаслівых імгненняў будзе ў жыцці чалавека. Ці не для гэтага мы народжаны?
Бойся спазніцца са словам харошым.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Петрачэнка В.С.