На працягу некалькіх тыдняў чакалі выхавальнікі дзяржаўнай установы адукацыі «Яслі-сад № 92 г.Магілёва» вясёлае свята. І вось яна прыйшла — Масленіца!
Ва ўпрыгожанай зале, дэкараванай «пад беларускую хату», гасцей сустрэла гаспадыня Алена, якая падрыхтавала шмат добрых пачастункаў. На свята прыбылі бабка Еўка і дзед Талаш з унукамі —Яначкай ды Платонам. Вялікае здзіўленне ў дзяцей выклікала з’яўленне гарэзлівага Козліка. Але найбольшай неспадзяванкай стаўся для прысутных прыход Зюзі — беларускага мароза.
Гульні, смех, песні, танцы, жарты — чаго толькі не было на свяце! Але якая ж Масленіца без бліноў? Тут вельмі пастараліся бацькі выхаванцаў: бліны з мёдам, варэннем, згушчаным малаком і, вядома ж, -смачная гарбата. Смачна есці, дзеткі!
Беларускія фальклорныя святы з удзелам дзяцей і дарослых знаёмяць з традыцыямі і абрадамі беларускага народа, вядуць да вытокаў нацыянальнай культуры, выхоўваюць добразычлівасць і павагу да роднай мовы.
Музычны кіраўнік
Алейнікава Ю.Л.