У дзяржаўнай установе адукацыі «Яслі-сад № 99 г.Магілёва» асобая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню дзяцей.
Работа ў гэтым напрамку праводзіцца сумесна з бацькамі. Сярод бацькоў была арганізавана акцыя па папаўненні міні-музея «Спадчына». Найбольш актыўны ўдзел у акцыі прынялі бацькі Шпакавых Ксюшы, Максіма і Паліны. Яны папоўнілі міні-музей часалкамі для ільна, гарлачыкамі, ступкай.
Выхаванцам вельмі падабаецца наведванне міні-музея, там дзеці знаёмяцца з прадметамі быту, якімі карысталіся нашы продкі, з вырабамі народных промыслаў, нацыянальным адзеннем, традыцыямі беларускага народа.
Кожная пятніца ў дзіцячым садку — беларускамоўны дзень. Мамы і таты, хлопчыкі і дзяўчынкі, работнікі дзіцячага сада ў гэты дзень з прыемнасцю жадаюць «добрай раніцы», «смачна есці», размаўляюць па-беларуску, гуляюць у беларускія народныя гульні.
Усе гэта садзейнічае выхаванню павагі да традыцый беларускага народа, узбагачэнню слоўнікавага запасу дзяцей, выклікае любоў і павагу да роднага слова, жаданне размаўляць па-беларуску.
С.П.Скарабагатая,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА «Яслі — сад № 99 г.Магілёва»