Словы У. Караткевіча «Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе, хто забыў сваю мову — усё згубіў» сталі зваротным заклікам да ўсіх удзельнікаў мерапрыемстваў, спланаваных у рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры, які адбыўся 16.01-21.01 у сярэдняй школе № 35 г. Магілёва. Праз розныя формы работы хацелася далучыць школьнікаў да багацця роднага слова, выклікаць жаданне вывучаць сваю мову, паважаць, любіць і берагчы яе. Веданне традыцый і звычаяў беларускага народа, захаванне і ўзбагачэнне скарбаў роднага краю, выпрацоўка дакладнай арыентацыі ў моўных з’явах — мэта ўсіх спланаваных мерапрыемстваў.
Першы дзень Тыдня быў адкрыты праглядам д/к «Мая Радзіма» і віктарынай «Летапіс мінулых гадоў» для вучняў 5-7 класаў, якую праводзіла настаўнік С.Я.Цалабёнак.
Вучні 6 класаў апынуліся на этнаграфічным майстар-класе Бялясавай А.А. «Народная вышыўка: мінулае і сучаснае», дзе пазнаёміліся з сакрэтамі беларускіх вышыванак, таямніцамі майстэрства, асаблівасцямі народнага касцюма. Настаўніцы Цалабёнак С.Я., Бялясава А.А. правялі экскурсію ў школьны музей «Спадчына», паказалі дзецям не толькі музейныя экспанаты вышыўкі, але і асабістыя работы. Вучні паспрабавалі авалодаць рамёствам вышыўкі.
У сераду вучняў 10 класаў чакаў «Моўны турнір». Весялосць, добразычлівасць, атмасфера даверу панавалі ў зале. Кіраўнік мерапрыемства Доўгая А.В. падрыхтавала цікавыя заданні, якія ўзнялі настрой, выклікалі жаданне прыняць удзел у конкурсе. Павучальнымі і гумарыстычнымі былі туры «словы з памылкамі», «народная фразеалогія», «будуем разам» і іншыя.
У чацвёрты дзень тыдня вучні ўдзельнічалі ў Рэспубліканскім конкурсе «Буслік-2015».
Міжнародны дзень роднай мовы запомніўся правядзеннем гульні для вучняў 11 класаў «Размаўляем па-беларуску» (настаўнік І.Я. Грыгор’ева). Правільна ўжытае слова ў мове — паказчык культуры маўлення. Вучні апынуліся ў атмасферы кантрасту слоў: архаізмаў, дыялектаў, сінонімаў, антонімаў. Этнаграфічны тур засяродзіў увагу вучняў на святкаванні кожнага дня Масленічнага тыдня. А вучні 6 класаў на факультатыўных занятках (настаўнік Аскірка І.У.) даведаліся пра сімволіку лічбаў, дзён тыдня ў гісторыі беларусаў.
Завяршальным днём тыдня была субота. У гэты дзень адкрыла дзверы школы Масленіца. Удзельнікі святкавання мелі магчымасць паўдзельнічаць у тэматычнай канцэртнай праграме, якую ім прапанавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці школы і Цэнтра выхаваўчай работы «Крынічка», скарыстацца печывам, масленічнымі блінамі, святочнымі стравамі, паўдзельнічаць у конкурсах і спаборніцтвах.
І.Я. Грыгор’ева