23 лютага 2015 года на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 15 г. Магілёва» адбыўся раённы семінар-практыкум кіраўнікоў школьных метадычных аб’яднанняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па тэме «Методыка лінгвістычнага аналізу мастацкага тэксту на ўроках беларускай мовы і літаратуры».
У рамках семінара настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры Трафімавай Таццянай Мікалаеўнай і Шульгой Валянцінай Уладзіміраўнай былі праведзены ўрокі беларускай мовы ў 6 класе па тэме «Асабовыя займеннікі, іх змяненне, утварэнне і правапіс» і ў 8 класе па тэме «Зваротак». Урокі атрымаліся яркімі, цікавымі, запамінальнымі.
Майстар-клас па падрыхтоўцы вучняў да ўдзелу ў алімпіядах прадэманстравала Грынкевіч Галіна Фёдараўна. Яна пакрокава апісала сваю сістэму работы над водгукам, вусным выказваннем, комплексным заданнем, прапанавала нестандартныя заданні ўдзельнікам семінара.
Цікавым і карысным было выступленне Наважылавай Святланы Рыгораўны, якая пазнаёміла гасцей семінара з падрыхтоўкай вучняў да ўдзелу ў даследчай дзейнасці. Яе выступленне суправаджалася ілюстрацыйным матэрыялам, шэрагам рэкамендацый.
Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры школы Партацкая Галіна Мікалаеўна і Галякевіч Ганна Міхайлаўна выступілі па тэмах «Лінгвістычнае каменціраванне і яго роля ў першасным успрыманні тэксту» і «Семантыка-стылістычны аналіз тэксту і яго роля ў разуменні ідэі твора і стылю аўтара». Яны абмяняліся з настаўнікамі сваім вопытам работы, падзяліліся напрацоўкамі.
Усім жадаючым была прадстаўлена магчымасць атрымаць метадычныя матэрыялы на электронных носьбітах. Выступленні ўдзельнікаў семінара суправаджаліся прэзентацыямі.
Госці семінара адзначылі зладжаную работу педагогаў, актуальнасць і практычную значнасць разгледжаных пытанняў.
Кіраўнік метадычнага аб’яднання
настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры
ДУА «Сярэдняя школа № 15 г. Магілёва»
Трафімава Т.М.