На мінулым тыдні дзяржаўная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа № 8 г. Магілёва» сустракала гасцей: да вучняў завіталі ў госці пісьменнікі, сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў Міхась Булавацкі, Яраслаў Клімуць, Сяргей Украінка, Мікола Яцкоў, а таксама сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека.
Мікола Яцкоў, Яраслаў Клімуць, Сяргей Украінка, Алесь Казека, Міхась Булавацкі.
Ва ўтульным кабінеце беларускай мовы і літаратуры на цікавую размову пра беларускасць, родную мову і яе значэнне ў нашым жыцці сабраліся вучні 5-11-х класаў разам з настаўнікамі Святланай Анатольеўнай Грахольскай, Святланай Мікалаеўнай Рабавай, Наталляй Леанідаўнай Прасаловіч.
Яраслаў Іванавіч Клімуць пазнаёміў навучэнцаў з альманахам магілёўскіх літаратараў «Брама» і выказаў надзею, што сёняшнія вучні, калі будуць імкнуцца займацца літаратурнай творчасцю, у будучым абавязкова будуць друкавацца ў "Браме«і іншых беларускіх выданнях.
Міхась Булавацкі расказаў пра беларускае пяціборства, якім кіруе шмат гадоў, запрасіў вучняў да ўдзелу ў ім і правёў літаратурную бліц-віктарыну па творах Максіма Багдановіча і Янкі Купалы. Перамог у віктарыне вучань 7 «В» класа Ілля Белавусаў, які атрымаў з рук спадара Міхася яго кнігу з аўтографам.
Міхась Булавацкі віншуе Іллю Белавусава
Гучалі вершы і празаічныя творы ў аўтарскім выкананні. Пісьменнікі адказалі на разнастайныя пытанні вучняў і перадалі падарункі — альманах «Брама» з аўтографамі прысутных, часопіс «Дзеяслоў» і свае кнігі.
І завяршыла сустрэчу аўтограф-сесія.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
дзяржаўнай установы адукацыі
«Сярэдняя школа № 8 г. Магілёва»
Грахольская С.А.