Усім вядомы той факт, што школа павінна дапамагчы вучням арыентавацца ў сучасных сацыяльна-эканамічных умовах і забяспечыць выпускнікоў неабходнымі ведамі для іх асабістага росту і прафесійнага забеспячэння. Менавіта над такой задачай працуе калектыў дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва» ў межах рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі эканамічнай падрыхтоўкі навучэнцаў як умова ўсвядомленага прафесійнага самавызначэння і сацыялізацыі асобы».
Для рэалізацыі праекта ў школе былі створаны матэрыяльна-тэхнічныя, навукова-метадычныя, інфармацыйныя і псіхолага-педагагічныя ўмовы.
Важнай падзеяй у гэтым напрамку для вучняў 8-х і 10-х класаў стаў удзел у вебінары 10 сакавіка 2015 года па тэме «Пераважнасць выкарыстання аддаленых каналаў абслугоўвання». У выніку мерапрыемства ўдзельнікі пашырылі веды пра пераважнасць выкарыстання банкаўскай плацёжнай карткі, дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. Карыснымі былі парады і рэкамендацыі аб тым, як не стаць ахвярамі фінансавых махляроў.
12 сакавіка прайшоў першы занятак для настаўнікаў з удзелам прадстаўніка галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілеўскай вобласці, на якім была разгледжана тэма «Крэдытны рэгістр».
У межах інавацыйнага праекта ўдзельнікамі праграмы выхавання «БУМ ці Бізнес-універсітэт моладзі» вучні школы, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у навучальнай і грамадскай дзейнасці, прадставяць каманду вобласці ў НДЦ «Зубраня» з 20 сакавіка па 9 красавіка 2015 года. І гэта — толькі пачатак...
І.У.Панфіловіч