Эфектыўнасць адукацыйнага працэсу залежыць ад умелага выкарыстання нацыянальных традыцый народа, у якіх навучанне і выхаванне здзяйсняюцца ў гарманічным адзінстве.
Беларускія народныя гульні, забавы не толькі фарміруюць у дзяцей неабходныя фізічныя якасці і навыкі, але і дапамагаюць абуджаць нацыянальную самасвядомасць, цікавасць да гісторыі і культуры свайго народа.
Выхавацель ДУА «Яслі-сад № 45 г. Магілёва» Зорычыва Ірына Георгіеўна лічыць, што правесці маленькіх падарожнікаў па рухомых старонках духоўнай спадчыны беларускага народа лепш сродкам цікавых, займальных гульняў, такіх як «Ляскі», «Замарожаныя», «Блін гарыць», «Каза», таму што гульня — асноўная форма дзейнасці дзіцяці, змест жыцця, сродак рознабаковага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту, які фарміруе фізічнае развіццё, далучае да здаровага ладу жыцця, развівае свабодную, духоўную і творчую асобу.
У ходзе гульняў выхавацель бадзёрым тонам, дзейсным удзелам падтрымлівае ў дзяцей радасны настрой, заахвочвае выхаванцаў маўленнем на беларускай мове, спрыяе праяўленню рашучасці, смеласці, знаходлівасці.
Вельмі хутка дзеці навучыліся дамаўляцца паміж сабой, лічыцца, каб вызначыць тых, хто будзе вадзіць у гульні, выконваць неабходныя правілы. І, як вынік прадзеланай работы, — шырокае выкарыстанне народных гульняў у паўсядзённым жыцці выхаванцаў: у самастойнай дзейнасці, у вольны час на прагулцы.
Наместнік загадчыка
па асноўнай дзейнасці
ДУА «Яслі-сад № 45 г.Магілёва»
Цубікава Г.А.