“Гавары са мной па-беларуску”

“Гавары са мной па-беларуску”З 15 па 20 лютага 2016 года напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва» прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры пад дэвізам «Гавары са мной па-беларуску».

Урачыстае адкрыццё тыдня адбылося раніцай 15 лютага 2016 года. Акцыяй «Вітайцеся па-беларуску» сустрэлі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры сваіх вучняў. Улічваючы, што 2016 год быў абвешчаны Годам культуры, на інфармацыйным стэндзе ў фае навучальнай установы была аформлена выстава «Дзеячы культуры Беларусі». А святочны настрой забяспечыла вясёлая беларуская народная песня ў выкананні ўсім добра вядомых «Песняроў», «Сяброў», а таксама фальклорных калектываў нашай рэспублікі. Акрамя народных у фае школы гучалі песні ў выкананні сучасных беларускіх спевакоў А. Ланской, І. Дарафеевай, І. Афанасьевай і іншых.

На працягу тыдня прайшло шмат цікавых мерапрыемстваў. Так, настаўніца Доўгая А.В. правяла адкрытыя факультатыўныя заняткі «Правапіс канчаткаў назоўнікаў 2, 3 скланення» ў 10 «А» класе. Вучні не толькі практыкаваліся ў правільным напісанні канчаткаў назоўнікаў, але і развівалі свае аратарскія здольнасці, выступаючы з уласнымі паведамленнямі. Свае факультатыўныя заняткі для вучняў 9-х класаў Грыгор’ева І.Я. правяла з выкарыстаннем Іnternet-рэсурсаў. Цікавыя заданні і практыкаванні, практычная дзейнасць за камп’ютарамі садзейнічалі больш глыбокаму засваенню цяжкіх пытанняў сінтаксісу і пунктуацыі беларускай мовы.

Правялі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры і конкурс газет, прысвечаных пісьменнікам-юбілярам 2016 года. Асабліва актыўны ўдзел у гэтым конкурсе прынялі вучні 10-х класаў. Сярод іх і вызначыліся пераможцы конкурсу. А газеты, прысвечаныя К. Крапіве, І. Мележу, І. Шамякіну, упрыгожылі кабінеты беларускай мовы і літаратуры.

Не засталіся па-за ўвагай настаўнікаў і пазакласныя мерапрыемствы. 17 лютага прайшоў «Моўны турнір» для вучняў 6 класа, а 19 лютага вучні 5-х класаў удзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні «Эрудыт-пяцёрачка». На працягу ўсяго тыдня класнымі кіраўнікамі праводзіліся конкурс чытачоў «Гучы, роднае слова!», класныя і інфармацыйныя гадзіны «Пісьменнікі-юбіляры», «Міжнародны дзень роднай мовы», «Традыцыйная культура Беларусі» і іншыя.

Сапраўдным святам беларускага слова стала закрыццё Тыдня беларускай мовы і літаратуры, якое адбылося ў суботу 20 лютага. Фестываль беларускай культуры аб’яднаў тых, каму блізка і дорага роднае беларускае слова. У актавай зале са школьнай сцэны гучалі беларускія народныя і папулярныя сёння сярод моладзі песні. Удзельнікі драматычнага гуртка «Світанак» праінсцэніравалі байку Кандрата Крапівы «Ганарысты парсюк». Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры падвялі вынікі школьнага конкурсу чытачоў «Гучы, роднае слова!», пераможцы якога яшчэ раз прадэманстравалі чытанне твораў класікаў беларускай літаратуты, якое было прасякнута шчырай любоўю да роднай мовы.

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры з’яўляецца адной з форм пазакласнай работы па прадмеце. Яна праводзіцца, каб узмацніць матывацыю да вывучэння беларускай мовы і літаратуры. Падчас правядзення тэматычнага тыдня пашыраецца кругагляд вучняў, павялічваецца іх культурны ўзровень, пазнавальныя інтарэсы. На працягу гэтага тыдня для кожнага з вучняў знайшлося нешта сваё, тое, што ён запомніць надоўга, а настаўнікі беларускай мовы і літаратуры яшчэ раз упэўніліся ў выніковасці сваёй працы па папулярызацыі беларускай мовы, выхаванні павагі і любові да роднага слова.

Кіраўнік МА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры
А.А. Бялясава

“Гавары са мной па-беларуску” “Гавары са мной па-беларуску”