А ў нас сёння Масленіца

А ў нас сёння МасленіцаСвяткаванне Масленіцы здаўна на Беларусі адзначалі як вясёлае расстанне з зімой і радаснае чаканне блізкага цяпла, вясновага адраджэння прыроды. У дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва» склалася добрая традыцыя адзначаць Масленіцу ўсёй школай.

Так, і педагогі, і бацькі, і вучні пачатковых і старэйшых класаў рыхтуюцца і з нецярпеннем чакаюць гэта свята.

Не стала выключэннем і гэта вясна. У суботу, 12 сакавіка, фае школы напоўнілася не толькі вясёлымі галасамі, але і пахам бліноў і аладак, бо бліны — сімвал сонца і яго гадавога круга — абавязковая страва на Масленіцу. Школьнікі разам з класнымі кіраўнікамі і бацькамі накрывалі сталы, распачыналі гандаль, нахвальваючы свае бліны. Кожны клас імкнуўся здзівіць гасцей сваімі стравамі. Акрамя традыцыйных бліноў і аладак з рознымі прысмакамі на сталах былі дранікі, сыр, масла, тварог, варэннікі. Кожны жадаючы мог паспытаць і набыць за дастаткова ўмераны кошт тое, што найбольш спадабалася.
Абменьваліся ўдзельнікі свята не толькі стравамі, але і іх рэцэптамі. Прыемна адзначыць, што рэцэпты сваіх бліноў, клёцак, дранікаў, а таксама дамашняга тварагу школьнікі падрыхтавалі на беларускай мове.

Але Масленіца не абмяжоўваецца толькі блінамі. Гэта вясёлае гулянне з музыкай і спевамі. Таму педагогі разам са сваімі выхаванцамі падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне, прысвечанае Масленіцы. Тут жа ў фае школы вясёлыя скамарохі і вядучыя свята не давалі гасцям сумаваць. Спадзяемся, што масленічныя песні, карагоды, цікавыя гульні і конкурсы надоўга запомняцца і школьнікам, і іх бацькам.

Алена Аляксандраўна Бялясава,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры