Поспех нараджае поспех

Поспех нараджае поспех21 сакавіка ў сярэдняй школе № 21 г. Магілёва прайшоў раённы этап фестываля мастацкай самадзейнасці сярод працаўнікоў устаноў адукацыі г. Магілёва, прысвечаны 95-годдзю стварэння Беларускага прафсаюза працаўнікоў адукацыі і навукі.

Вясёлую, задорную народную песню «Барыня» на словы і музыку вядомых магіляўчан паэта Івана Пехцерава і кампазітара Галіны Сёмінай з вялікім запалам выканала Валянціна Андрэеўна Філіпенка — педагог ДУА «Яслі-сад № 53 г. Магілёва».

Валянціна Андрэеўна — вельмі таленавіты чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці дзіцячага садка, аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці. Яна заўсёды на перадавых пазіцыях, ёй можна даверыць самае адказнае, адкрыць самае патаемнае, яе ініцыятыва заўсёды мела і мае здаровы сэнс, рацыянальнае зерне. «Калі ты робіш і ў цябе добра атрымліваецца — хочацца рабіць больш, ісці далей. Поспех нараджае поспех. Мне гавораць "добра" — я стараюся рабіць яшчэ лепш!»- гаворыць Валянціна Андрэеўна.

Добразычлівасць і спагадлівасць, адкрытасць, мэтанакіраванасць, дабрыня і чуласць, абаяльнасць гэтага педагога і цудоўнай жанчыны прыцягваюць людзей, дапамагаюць наладзіць узаемаадносіны сярод выхаванцаў і педагогаў.

Педагагічная дзейнасць надае Валянціне Андрэеўне новы запал энергіі, аптымізму, дазваляе ставіць перад сабой складаныя задачы, а самае галоўнае — дае ўпэўненасць у тым, што гэта жыццё пражывае нездарма.

Калектыў ДУА «Яслі-сад № 53 г. Магілёва» ганарыцца сваім педагагом і спадзяецца на будучую перамогу Валянціны Андрэеўны ў фестывалі.

Аксана Віктараўна Рагачова, загадчык
ДУА «Яслі-сад № 53 г. Магілёва»

Поспех нараджае поспех Поспех нараджае поспех